... ...
Гэта крык, што жыве Беларусь
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/5


Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
  Сваю матку-зямлю – Беларусь.

Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб’ю па калена, што сею, расьце,
Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:
  О, такіх няма, мусіць, нідзе!

З саламянай страхой мая хатка, гумно;
Непачэсна, што праўда, віднеюць яны,
Дый на іх жа сваёй клаў рукой бервяно
  І зямлю раўнаваў пад зьвяны!

З саламянай страхой мая хатка, тачок!
Многа чутак наводзяць і дум на душу;
Я ў сьне бачу іх, помню кожны разок
  І у сэрцы, як веру, нашу.

Хатка сьведкай была, як пазнаў Божы сьвет;
З хаткі бегаў да школы вучыцца чытаць;
Пры лучыне ня раз гаварыў казкі дзед;
  У двор з хаткі хадзіў зарабляць.

У тачок збожжа, сена я клаў кожны год;
У ім першы раз Зосі сказаў, што люблю…
У ім зь дзеткамі посьле зьбіраў умалот,
  І цяпер пры ім лазьню таплю.

А хоць гора зазнаў, зьнікла доля навек,
Зося парыць зямлю, у сьвет дзеці пайшлі, —
Тут жа неяк прывык да ўсяго чалавек,
  Прырос неяк, як корч да зямлі!..

Тут усякая рэч як гавора з табой:
І крывая бярозка, і столетні дуб,
Сьнег халоднай зімой, траўка летняй парой,
  І асьвер, і абцінены зруб…

А бурлівы ручай і зялёненькі сад! —
Хоць, брат, сэрца аддай і душу хоць аддай!..
Сам садочак садзіў гадкоў дваццаць назад,
  А цяпер жа вялікі, як гай!

З садам гэтым я зжыўся, як з хаткай сваей;
Знаю, колькі зь яго маю яблык і сьліў;
Ночак шмат скаратаў у ім з Зосяй даўней,
  Шмат чаго у ім я перасьніў!

Ой, бывала, як сонейка блісьне вясной,
То ж то рай, далібог! — захліпаецца дух, —
Як на ўсе на лады, на садок увесь той
  Засьвяргоча рой птушак-пяюх!

Тут кукуе зязюля, ці шмат пражыву;
Там чырыкае шпак, там пяе салавей;
Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву;
  А на ўсё сонца грэе цяплей і цяплей!..

Цяпер глянь, браце, вокам на поле, на луг,
На сівец-сенажаць, на вузкія шнуры,
Дзе сьвістала каса, барабаніў дзе плуг,
  Дзе з зары працаваў да зары:

Тут даўгі-даўгі шнур зелянее з аўсом;
Бліжэй гоні адны, на іх — бульба у шар;
А там далей даўгі шнур віднее з жытцом;
  А там голы, як бубен, папар.

Пасяродку аўса галавісты лянок
Зелянее, інакш адбівае сабой;
Там вусаты ячмень, а там далей набок
  Ад ячменю – дзірванчык з лазой.

Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,
Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;
Тут і людзі… ат… што!.. аб іх посьле скажу…
  Долі іх надта ж я не люблю!..

А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
  Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!

(1905—1907)





  Go to top  

This article is issued from web site Wikisource. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]