... ...
Людміла Генрыхаўна Бржазоўская
Дата нараджэння 4 чэрвеня 1946(1946-06-04) (75 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства СССР Беларусь
Адукацыя
Прафесія балерына, музычны педагог
Тэатр
Узнагароды

Людміла Генрыхаўна Бржазоўская (нар. 4 чэрвеня 1946[1] , Мінск, Беларусь) — беларуская балерына, балетны педагог , педагог-рэпетытар Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Народная артыстка Беларусі (1975)[1] [2] [3] .

Біяграфія

Нарадзілася ў Мінску ў сям'і беларускага мастака-жывапісца Генрыха Бржазоўскага, які стварыў больш за 2 тысячы палотнаў. Сям'я Людмілы Бржазоўскай жыла на вуліцы Старажоўскай (дзе ў двары была бацькава майстэрня) недалёка ад Тэатра оперы і балета. У харэаграфічнае вучылішча яе адвяла мама (лейтэнант, урач-стаматолаг у паліклініцы МУС). Дзядуля Людмілы Бржазоўскай, выхадзец са збяднелай польскай шляхты, быў чырванадрэўшчыкам і афармляў у Мінску Чырвоны касцёл[4] .

У 1966 годзе закончыла Беларускае харэаграфічнае вучылішча[1] (клас народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай) і была прынята ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі[1] . У 1966—1989 гадах вядучая танцоўшчыца тэатра.

Першай яе сур'ёзнай працай на сцэне тэатра стала партыя Сольвейг у балеце «Пер Гюнт» (1967 год). Падчас працы ў спектаклях «Рамэа і Джульета» (1970) і «Трыстан і Ізольда» (1971) узнік творчы дуэт Людмілы Бржазоўскай з Юрыем Траянам[3] .

У 1970 годзе Людміла Бржазоўская стажыравалася ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава ў Наталлі Дудзінскай. У 1975 годзе (у 29 гадоў) атрымала званне народнай артысткі Беларускай ССР[2] ,[5] .

У 1987 скончыла навучанне на факультэце харэаграфіі Мінскага інстытута культуры. З 1989 года выкладала ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы, з 1994 года — на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі. З 2001 года працавала ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Адначасова з 1997 года — педагог-рэпетытар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі[2] . Сярод яе выхаванак балерыны Вольга Гайко, Людміла Кудраўцава, Марына Вежнавец і Марына Парамонава[6] .

Захапляецца выяўленчым мастацтвам — піша пейзажы, букеты кветак. Таксама малюе на тэму балета, алоўкам. Акрамя сваіх работ, работ бацькі і сястры, у яе доме — карціны прызнаных мастакоў, напрыклад два партрэта Людмілы Генрыхаўны, якія выканаў Барыс Забораў[4] . У Нацыянальным мастацкім музеі ёсць парадны партрэт балерыны Бржазоўскай пэндзля Аляксандра Шастакова[7] .

Творчасць

Выканальніцкае мастацтва Бржазоўскай вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, спалучала ўменне выявіць унутраную сутнасць вобраза з сучасным пластычным малюнкам танца і завершанасцю ліній[1] .

Першая выканала галоўныя партыі ў балетах, пастаўленых Валянцінам Елізар'евым і Атарам Дадзішкіліяні: Нэле («Тыль Уленшпігель» — 2-я рэдакцыя), Ева («Стварэнне свету»), Кармэн («Кармэн-сюіта»), Фрыгія («Спартак»), Маша («Шчаўкунок»), Каханая («Карміна Бурана»), Дзяўчына («Пасля балю»), Джульета («Рамэа і Джульета»), Нэле («Тыль Уленшпігель» — 1-я рэдакцыя)[1] .

Яркая індывідуальнасць артысткі выявілася з балетах класічнага рэпертуару, у якіх створаныя ёю вобразы атрымалі новае гучанне: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера»), Аўрора («Спячая прыгажуня»), Жызель («Жызель»), Сільфіда («Сільфіда»), Ізольда («Трыстан і Ізольда»), Раймонда («Раймонда», Марыя («Бахчысарайскі фантан»), Паміраючы лебедзь («Паміраючы лебедзь», на музыку «Адажыета» Г. Малера[1] .

У нацыянальных балетах выканала партыі Наталькі («Курган» Яўгена Глебава), Маці («Крылы памяці» Уладзіміра Кандрусевіча).

Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера» і «Жызэль» (Бухарэсцкая студыя тэлебачання), «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта». Ёй быў прысвечаны творчы тэлевечар «Танцуе Людміла Бржазоўская» (на Беларускім тэлебачанні).

Яе таленту апладзіравалі больш чым у 30 краінах[4] . Балерына выступала ў Італіі, Венгрыі, Фінляндыі, Індыі, Манголіі, Іарданіі, Кувейце, Румыніі, Сінгапуры, Польшчы, Турцыі і іншых краінах[3] [6] .

Фільмаграфія

  • «Міф» — меладрама Аяны Шахмаліевай, 1986. У гэтай карціне, створанай па матывах аповесці Кірыла Ласкары «Дваццаць трэці піруэт», Людміла Бржазоўская сыграла таленавітую балерыну. У фільме таксама сыграў Марыс Ліепа[4] .

Ацэнкі

  • Увасабленне Бржазоўскай вобраза Кармэн часам параўноўвалі з выкананнем Маі Плісецкай. Часта — на карысць Бржазоўскай[8] .

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Бржозовская Людмила Генриховна // Биографический справочник. Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 81. — 737 с.
  2. 1 2 3 Бржозовская Людмила Генриховна. Советские актеры театра. kino-teatr.ru (1 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2012. Праверана 1 мая 2012.
  3. 1 2 3 Людмила Бржозовская. Балетмейстеры-репетиторы. НАБТ оперы и балета Республики Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2012. Праверана 5 студзеня 2012.
  4. 1 2 3 4 А. Казакова Живопись в антракте // Вечерний Минск : газета. — Минск: 2012-04-05. — В. 12465. — № 14. — С. 16.
  5. Марина Коктыш Людмила Кудрявцева: «На эстраде сегодня гораздо легче получить звание...» // «Народная воля» : газета. — Минск: 2007-07-20. — № 115-116.
  6. 1 2 «Сотворение мира» покажет к юбилею Людмилы Бржозовской белорусский Театр оперы и балета (28 мая 2011). Архівавана з першакрыніцы 8 верасня 2012. Праверана 5 студзеня 2012.
  7. Е. Молочко Маленькая княгиня белорусского балета. СБ (6 кастрычніка 2001). Праверана 19 красавіка 2012.
  8. Юбилей известной белорусской балерины. Культура. АНТ (4 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 4 кастрычніка 2012. Праверана 19 красавіка 2012.

Літаратура

  • Мушынская Т. М. Гармония дуэта. — Мн., 1987.
  • Мушынская Т. М. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. — Мн., 1993. — С. 24-32.
  • Чурко Ю. М. Бржазоўская Людміла Генрыхаўна// Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мн., 2002. — С. 161—162.

Спасылкі





  Go to top  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]