... Людвіг фон Лібенцэль — брат-рыцар Тэўтонскага ордэна, комтур рагнітскі (1294—1300), комтур шлохаўскі (1321); военач...
article - Людвіг фон Лібенцэль

Людвіг фон Лібенцэль (ням.: Ludwig von Liebenzell) — брат-рыцар Тэўтонскага ордэна, комтур рагнітскі (1294—1300), комтур шлохаўскі (1321); военачальнік, дыпламат і прапаведнік.

Паходзіў з рыцарскага роду з Лібенцэля, паблізу Кальва ў паўночным Шварцвальдзе. Пётр з Дусбурга называе яго высакародным і з юнацтва загартаваным у ваеннай справе, шматкроць згадвае ў сваёй «Хроніцы зямлі Прускай», адпаведна згадвае яго і Мікалай фон Ерошын у рыфмаванай нямецкамоўнай версіі гэтай хронікі.

У 1280 годзе, падчас рэйду прускага ландмайстра Мангольда фон Штэрнберга ў ятвяжскую воласць Красіма, Людвіг фон Лібенцэль трапіў у палон да ятвяжскага князя Команта, у тым жа баі загінуў тапіаўскі комтур Ульрых Баўвар і яшчэ чатыры чалавекі. Комант ацаніў здольнасці і адвагу Лібенцэля, ставіўся да яго з павагай, у іх склаліся добрыя адносіны.

Неўзабаве Комант узяў Людвіга на пір, дзе сабраліся ятвяжскія нобілі і адзін з іх, незадаволены прысутнасцю немца, выказваў абразы у яго бок. Нягледзячы на статус палоннага, Лібенцэлю дазволілі паядынак і ён забіў ятвяга. Потым Комант адпусціў Лібенцэля ў Ордэн.

У 1283 годзе Людвіг браў удзел у рэйдзе вялікага маршала Конрада фон Тырберга малодшага на ятвяжскую воласць Сілія (Зліна). Паход быў паспяховы, але цяжка параненага Лібенцэля пакінулі ў снезе, ятвягі знайшлі яго, узялі ў палон, вылекавалі і аддалі пад нагляд нобілю Кантэгерду.

Немцы лічылі Людвіга зніклым без вестак, тым часам ён пасябраваў з Кантэгердам і пераканаў яго прыняць хрысціянства разам з падданымі. Лібенцэль вярнуўся ў ордэнскія ўладанні і прывёў з сабой Кантэгерда і 1600 яго падданых для хрышчэння.

У 1294 годзе Людвіга прызначылі комтурам рагнітскім. Адразу па прызначэнні здзейсніў некалькі паспяховых рэйдаў у землі Вялікага княства Літоўскага. У Аўкштоце пад яго кіраўніцтвам быў знішчаны горад Рамена, які літоўцы лічылі святым. У жамойцкай воласці Паграўда нанёс паразу мясцовым жыхарам і, напэўна, сагнаў шмат коней, бо паграўдцы доўга адчувалі іх нястачу.

У баявых дзеяннях Лібенцэля ў воласці Вайкен загінула шмат мясцовых нобіляў. У выніку ўсе літоўцы, якія жылі на беразе Нёмана ад ракі Нары (напэўна, Нярыса — Віліі) да зямлі Ламоціны[lt], заключылі мір з Ордэнам, абавязаліся выплачваць штогадовую даніну і браць удзел у паходах супраць Вялікага княства Літоўскага.

Пра дзейнасць Лібенцэля пасля 1300 года крыніцы не згадваюць. Вядома толькі, што ў 1321 годзе ён быў комтурам шлохаўскім.

Зноскі

  1. Dorna, 2004, p. 28
  2. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 210
  3. Fischer, 2010
  4. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 209
  5. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 212
  6. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 217
  7. Дусбург, 1997, ч. 3, гл. 259

  Next Page » More information about  

 Людвіг фон Лібенцэль  







  Next Page » More information about  

 Людвіг фон Лібенцэль  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]