... ...
Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова

Будынак былога прытулку адстаўных чыноўнікаў імя Галембіоўскага‎, у якім размяшчаецца музей
Заснаваны 1966
Месцазнаходжанне Беларусь, Віцебская вобласць, Віцебск, вул. Чэхава, 4
Тэлефон +375 212 366954
Дырэктар І. А. Шышкова
Адкрыты з 10.00 да 19.00
shmyrev.museum.by
 Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова на Вікісховішчы

Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова — музей створаны ў Віцебску паводле распараджэння Савета Міністраў БССР ад 1 лютага 1966 г. і загада Міністэрства культуры БССР ад 24 сакавіка 1966 г. «Аб адкрыцці і арганізацыі мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова» як гарадскі. Рашэннем выканаўчага камітэта Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 снежня 1968 г. гарадскі музей, ператвораны ў абласны. Адкрыты 5 ліпеня 1969 г. у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у будынку былога прытулку адстаўных чыноўнікаў імя Галембіоўскага (кан. ХІХ — пач. ХХ ст.). Музеем кіравалі І. І. Сіманькоў, Н. В. Сямешына. 3 2002 г. дырэктар І. А. Шышкова.

Экспазіцыя

Асноўны фонд музея (2013 г.) налічвае 8758 адз. захоўвання, навукова-дапаможны — 1343 адз. Музей складаецца з 4 экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 223 м² і выставачнай плошчай 39 м². Працягам экспазіцыі з'яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея. У парку ўстаноўлены скульптурны бюст М. П. Шмырова (скульптар З. Азгур) макет «Рэйкавая вайна», гарматы, пабудаваны партызанскія зямлянкі.

Першая зала

У музеі зберагаюцца калекцыі узбраення, прадметаў быту, дакументаў, выяўленчага мастацтва, фалерыстыкі, друкарскіх выданняў, кінафотадакументаў. У 1-й зале матэрыялы экспазіцыі расказваюць пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго працоўную і грамадскую дзейнасць у даваенны перыяд, арганізацыю партызанскага руху на тэрыторыі былога Суражскага раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны, стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады.

Другая зала

Экспазіцыя 2-й залы прысвечана далейшаму пашырэнню партызанскага руху ў Беларусі, стварэнню на базе 1-й Беларускай партызанскай брыгады новых партызанскіх фарміраванняў (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). Тут знаходзяцца матэрыялы пра ўзаемадзеянне партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, пра вызваленне Віцебска (26.06.1944 г.) у выніку аперацыі «Баграціён» (23.06—29.08.1944 г.) і завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны.

Трэцяя зала

Экспазіцыя 3-й залы расказвае пра працоўную і грамадзянскую дзейнасць М. П. Шмырова ў пасляваенныя гады. Тут прадстаўлены творы літаратуры і мастацтва, у якіх знайшлі адлюстраванне подзвігі партызанскага камбрыга, дэманструецца дакументальны фільм «Бацька Мінай» і мастацкая кінастужка «Бацька».

Чацвёртая зала

У экспазіцыі 4-й залы прадстаўлены інтэр'ер рабочага кабінета М. П. Шмырова з мэбляй, кнігамі, уласнымі рэчамі, паляўнічы рыштунак, дакументы і фотаздымкі прадпрыемстваў, вучэбных устаноў, аб'ектаў, якія носяць імя М. П. Шмырова.

Дадатковая інфармацыя

Літаратура

  • Шышкова, І. А. Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова / І. А. Шышкова // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін. — Мн., 2008. — С. 174—177.
  • Віцебскі абласны музей М. П. Шмырова // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 643—644.

Спасылкі

Гл. таксама

Спіс музеяў Беларусі





  Go to top  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]