... йцы † — адно з асноўных з старажытнагрэчаскіх плямёнаў. Вядомыя таксама як данайцы. У эпічных творах Гамера ...
Ахейцы
Αχαιοί
Ахіл і паранены Патрокл
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Старажытная Грэцыя
Мова
Рэлігія політэізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы дарыйцы, эалійцы, іанійцы

Ахе́йцы (стар.-грэч.: Αχαιοί, лац.: Achaei) — адно з асноўных з старажытнагрэчаскіх плямёнаў. Вядомыя таксама як данайцы (грэч.: Δαναοί). У эпічных творах Гамера пад ахейцамі разумеюцца ўсе старажытныя грэкі.

Гісторыя

Продкі ахейцаў адносіліся да індаеўрапейскіх плямёнаў, якія ў старажытнасці насялялі тэрыторыі на поўнач ад Балканскага паўвострава. У III тыс. яны мігрыравалі на поўнач Старажытнай Грэцыі, а ў пач. II тыс. да н.э. - на Пелапанес. Той факт, што ў старажытнагрэчаскіх тэкстах іх таксама называлі аргасцамі (Αργεῖοι), а вобласць на Пелапанесе - Ахаей, сведчыць пра значную ролю Паўднёвай Грэцыі ў фарміраванні ахейскай супольнасці. У творах Гамера сінонімам ахейцаў былі данайцы. Абодвы варыянты пазначэння адной старажытнагрэчаскай супольнасці таксама сустракаюцца ў тэкстах Старажытнага Егіпту. У старажытнагрэчаскай міфалогіі продкам ахейцаў выступаў Данай.

У пач. II тыс. да н.э. ахейцы заснавалі шэраг дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі кантынентальнай Грэцыі, у тым ліку Мікены, Аргас, Афіны, Тырынф і інш., якія знаходзіліся пад уплывам цывілізацыі мінойцаў. У сяр. II тыс. да н.э. ахейцы захапілі Крыт. У выніку імі была створана Мікенская цывілізацыя, якая дасягнула росквіту ў друг. пал. II тыс. да н.э. Ахейскія мараплаўцы наведвалі землі Заходняга і Усходняга Міжземнамор'я, удзельнічалі ў вайне з Трояй.

У XII ст. да н.э. ахейцы былі выціскнуты дарыйцамі ў цэнтральныя землі Пелапанеса і іншыя ўскраінныя вобласці Грэцыі. У класічны перыяд гісторыі Старажытнай Грэцыі не захавалася асобнага ахейскага дыялекту, хаця ахейскае паходжанне прыпісваюць грэчаскім дыялектам Аркадзіі і Кіпра. Многія знакамітыя роды ў Афінах і іншых гарадах памяталі пра сваё ахейскае паходжанне.

Культура і грамадства

Прыход ахейцаў на поўдзень Грэцыі суправаджаўся часовым заняпадам мясцовай сярэдняй эладскай культуры. Аднак перасяленцы ўжо мелі ганчарнае кола (гл. Ганчарства), баявыя калясніцы, авалодалі апрацоўкай бронзы. Аснову жыццязабеспячэння складала земляробства. Ахейскія рамесныя вырабы, перш за ўсё кераміку, знаходзяць на тэрыторыі Егіпту, Малой Азіі, на Мальце.

Згодна археалагічным і пісьмовым дадзеным, большасць грамадства належыла да асабіста вольных абшчыннікаў, якія ў ваенны час гуртавалі апалчэнне. Аднак у ахейцаў меліся рабы. Важную ролю адыгрывала арыстакратыя. Паводле "Іліяды" Гамера, яна прымала асноўныя рашэнні пад час аблогі Троі. Умяшанне простых воінаў выклікала абурэнне.

Дзяржаўныя ўтварэнні ахейцаў былі тэрытарыяльна дробнымі. Іх цэнтрамі з'яўляліся добра ўмацаваныя рэзідэнцыі манархаў-ванака. Захаваліся шахтавыя пахаванні і рэшткі магільных рэчаў, у тым ліку пахавальныя маскі. Да помнікаў пісьмовасці ахейцаў адносяць крыцкае пісьмо Б.

Ахейцы шанавалі мноства багоў, сярод якіх вылучаліся Зеўс, Пасейдон, Афіна і інш. У ахейскі перыяд склалася аснова старажытнагрэчаскай міфалогіі. Пісьмовыя крыніцы і пахавальныя абрады сведчаць пра існаванне культу продкаў.

Галерэя

Гл. таксама

Спасылкі





  Go to top  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]