... рскі — расійскі генерал беларускага паходжання, беларускі ваенны дзеяч, стваральнік у 1917 годзе беларускага ...
Іосіф Фаміч Пажарскі
Дата нараджэння 2 ліпеня 1866(1866-07-02)
Месца нараджэння Смаленская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці 1931
Месца смерці
Прыналежнасць
Род войскаў пяхота
Гады службы 1888—1920
Званне генерал-маёр
Часць 189-ы пяхотны рэзервовы Белгарайскі полк (1900—1904)
Камандаваў 176-ы пяхотны Перавалоцкі полк (1914—1916), 30-я пяхотная дывізія (1917—1918)
Бітвы/войны Бітва пры Саве-Рускай (1914)
Узнагароды і прэміі
Сувязі жонка Соф’я Яўгенаўна Шчарбачова

Іосіф Фаміч Пажарскі (2 ліпеня 1866 — 1931) — расійскі генерал беларускага паходжання, беларускі ваенны дзеяч, стваральнік у 1917 годзе беларускага войска на Румынскім фронце.

У беларускай гісторыі найбольш вядомы тым, што на пачатку 1918 года пераўтварыў 4-ы армейскі корпус, што ўлучаў 3 дывізіі, укамплектаваныя жаўнерамі-беларусамі, у Беларускі армейскі корпус[1] .

Біяграфія

Да Першай сусветнай вайны

Нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям’і ў Смаленскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Смаленская вобласць, Расія).

У 1889 годзе скончыў Аляксандраўскае рэальнае вучылішча ў Смаленску, у 1891 годзе — Казанскую пяхотную юнкерскую вучэльню. У званні падпаручніка выпусціўся ў Клязмінскі рэзервовы батальён Рускай імператарскай арміі. У 1896 годзе ў званні паручніка стаў загадваць ротай Клязьмінскага батальёна. У 1900 годзе атрымаў званне штабс-капітана і перайшоў служыць у 189-ы пяхотны рэзервовы Белгарайскі полк. У 1904 годзе атрымаў званне капітана і пазней перайшоў у 176-ы пяхотны Перавалоцкі полк, што месціўся ў горадзе Звянігарадзе Кіеўскай губерні. У 1910 годзе атрымаў званне падпалкоўніка.

Першая сусветная вайна

У 19141916 гадах загадваў 176-м палком у ходзе Першай сусветнай вайны. 2—11 верасня (24—30 жніўня) 1914 года ў бітве пры Раве-Рускай (Каралеўства Галічыны і Уладзімірыі, Аўстра-Венгрыя) спрыяў захопу горада, за што атрымаў званне палкоўніка і ордэн святога Георгія 4-й ступені. 4—10 кастрычніка (па стараму стылю) 1914 года пераправіўся праз раку Сян, дзе заняў вёску Новавесь, за што атрымаў залатую зброю «За храбрасць». У красавіку 1916 года праз хваробу быў адлічаны ў запас у рэзерв чыноў пры штабе Петраградскай вайсковай акругі. У ліпені 1916 года прызначаны камандзіра батальёна аховы Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў Магілёве, у кастрычніку таго ж года атрымаў чын генерал-маёра.

Падчас лютаўскай рэвалюцыі Георгіеўскі батальён Пажарскага быў прыдадзены атраду генерал-ад’ютанта Нікалая Іванова, якому цар Мікалай II загадаў падавіць рэвалюцыю ў Петраградзе. Місія генерала Іванова правалілася па многіх прычынах, у тым ліку з-за адмовы генерала Пажарскага даць загад страляць у народ. Пры Часовым урадзе загадваў марской дывізіяй Чарнаморскага флоту ў Севастопалі (Таўрыцкая губерня). 23 ліпеня 1917 года стаў загадваць 30-й пяхотнай дывізіяй, утворанай у Мінску.

На чале Беларускай вайсковай камісіі пры штабе Румынскага фронту

З 1 верасня 1917 па 24 лютага 1918 года быў старшынёй Беларускай вайсковай камісіі пры штабе Румынскага фронту. Да сярэдзіны снежня 1917 года Румынскі фронт расійскага войска фактычна спыніў сваё існаванне. Пры падтрымцы румынскага вайсковага камандавання Пажарскі далучыўся да нацыяналізацыі расійскай арміі на Румынскім фронце: сфармаваныя па тэрытарыяльным прынцыпе беларускія адзінкі атрымлівалі статус беларускіх нацыянальных, з іх звальняліся небеларусы, на месца якіх пераводзіліся жаўнеры-беларусы з іншых частак. Пажарскі пераўтварыў 4-ы армейскі корпус у Беларускі. Гэты корпус улучаў 3 дывізіі, укамплектаваныя жаўнерамі-беларусамі, у тым ліку 30-ю дывізію пад яго загадам.

9 студзеня 1918 года загадам № 1332 па фронце было абвешчана пра арганізацыю Беларускай Вайсковай Камісіі па стварэнні беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце, якую ўзначаліў генерал-маёр Пажарскі. У выніку беларусізаваныя:

  • 6-ты Таўрагенскі пагранічны конны полк (атрымаў назву Першы Гусарскі Беларускі Нацыянальны полк)
  • 4-ты Армейскі корпус у складзе 30-й i 40-й пяхотных дывізій з артылерыяй, штаб корпуса i ўсе яго дапаможныя часткі i ўстановы
  • 43-я дывізія з артылерыяй i прыдадзенымі ёй часткамі разам з 26-м аўтабранявым аддзяленнем
  • 357-я Віцебская дружына
  • 401-я Мінская дружына

Пасля беларусізацыі ўтварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 000 чалавек. У распараджэнне Беларускага камісарыяту перайшло больш за палову ўсёй маёмасці Румынскага фронту. Планавалася пераправіць войска і маёмасць у Беларусь для вайны з бальшавікамі, але гэта сталася немагчымым з-за Брэсцкага міру і таго, што Германія не прызнала Беларусь: усе непрызнаныя войскі, у тым ліку і беларускае, Румынія раззброіла. Беларускія жаўнеры паасобку кіраваліся дадому, а шмат актыўных афіцэраў былога 4-га беларускага корпуса, сярод якіх быў і Пажарскі, з’явіліся ў Кіеве.

Далейшы лёс

У красавіку 1918 года Іосіф Пажарскі, які асабіста добра ведаў украінскага гетмана Скарападскага, паступіў на службу у войска Украінскай дзяржавы, дзе служыў да снежня. У студзені 1919 года залічаны ў запас Добраахвотніцкай арміі ў Таганрогу (Данская рэспубліка). У лістападзе 1919 года стаў камендантам Харкава. 11 мая 1920 года залічаны ў запас Расійскага войска Урангеля. У лістападзе 1920 года разам з двума сынамі эвакуяваўся з Севастопаля ў Канстанцінопаль на транспарце «Карнілаў». Адтуль пераехаў у горад Бела Црква (Каралеўства Югаславія), дзе жыў да канца жыцця.

Памёр у 1933 годзе.

Зноскі

  1. Вячаслаў Бандарэнка. Дзіўны выбар // Звязда : газета. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі





  Go to top  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]