... Інувіялуі́т — эскімоскі народ, карэннае насельніцтва Паўночна-Заходніх тэрыторый Канады. Агульная колькасц...
Інувіялуіт
(Inuvialuit)
Фота 1915 г.
Агульная колькасць 3110 (2016)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова інувіялуктун
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя інуіты

Інувіялуі́т (саманазва: Inuvialuit «сапраўдныя людзі») — эскімоскі народ, карэннае насельніцтва Паўночна-Заходніх тэрыторый Канады. Агульная колькасць (2016 г.) — 3 110 чалавек.

Гісторыя

Інувіялуіт — нашчадкі стваральнікаў культуры Туле, якія з'явіліся на сучасных населеных імі тэрыторыях каля 1000 гадоў таму. У сярэдзіне XIX ст, калі пачаліся кантакты інувіялуіт з еўрапейцамі, іх агульная колькасць складала каля 2000 чалавек. Яны займалі заходнюю частку Канадскага Арктычнага архіпелага і дэльту ракі Макензі. У 1850-я гг. інувіялуіт былі ўцягнуты ў гандаль з Кампаніяй Гудзонава заліва, пазней — з амерыканскімі кітабоямі. Яны моцна пацярпелі ад эпідэмічных хвароб, прынесеных іншаземцамі.

Канадскія паліцэйскія і ўладныя органы пачалі працу на землях інувіялуіт у 1904 г. З 1930-х гг. маладыя эскімосы атрымалі магчымасць навучання ў дзяржаўных школах, аднак толькі на англійскай мове. Канадскі ўрад фінансаваў праграму развіцця аленегадоўлі. У 1984 г. абшчыны інувіялуіт заключылі зямельнае пагадненне з Канадай.

Асаблівасці культуры

Інувіялуіт традыцыйна складалі некалькі тэрытарыяльных груп, дастаткова ізаляваных адна ад іншай. Кожная група мела сваю гаспадарчую спецыялізацыю. Так, для групы, што насяляла дэльту ракі Макензі, найбольш важным заняткам была сезонная здабыча бялух. Улетку ўсе прадстаўнікі групы збіраліся ў адной вёсцы, дзе фарміраваліся каманды паляўнічых. У паляванні адначасова магло ўдзельнічаць да 200 чалавек, якія здабывалі да некалькі сотняў жывёл. Акрамя таго, мясцовыя інувіялуіт палявалі на карыбу і футравых звяроў, лавілі рыбу. Узімку насельнікі вёскі пераязджалі ў меньшыя паселішчы. Прыкладна такі ж лад жыцця вялі і іншыя тэрытарыяльныя групы. Кожная з іх мела сваю назву і размаўляла на асабістым дыялекце.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай знутры групы з'яўлялася пашыраная сям'я. Ёй належылі жытлы і сродкі здабычы, паміж блізкімі сваякамі пароўну размяркоўвалася здабыча. Галоўным у сям'і прызнаваўся мужчына. Палігінія не забаранялася, але сустракалася вельмі рэдка.

Зімовыя жытлы інувіялуіт былі разлічаны на некалькі сем'яў. Яны ладзіліся з драўняных карчоў і кітовых костак, якія ўцяпляліся тоўстым пластом зямлі. Абаграваліся з дапамогай кітовага тлушчу, што залівалі ў каменныя або гліняныя лампады. Улетку жылі ў намётах або неацепленых жытлах.

Старажытныя рэлігійныя вераванні практычна не захаваліся. Вядома, што асноўныя сакральныя святы прыпадалі на сярэдзіну зімы. Іх арганізацыяй займаўся шаман. Галоўным дзействам былі танцы пад барабанную музыку. У наш час існуе некалькі аматарскіх і прафесійных танцавальных калектываў, што зберагаюць народныя музычныя традыцыі.

Спасылкі





  Go to top  

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under "Creative Commons - Attribution - Sharealike" [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the "GNU Free Documentation License" [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages [3] [4] [5] [6] [7]. Web links: [1] [2]